Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Эканамічны суд Віцебскай вобласці адмовіў кантралюючаму органу ў іску аб ліквідацыі прыватнай кампаніі

2 чэрвеня 2021  1014

30 красавіка 2021 года эканамічным судом Віцебскай вобласці разгледжана справа па іску Віцебскай абласной інспекцыі дзяржаўнага нагляду за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў і стандартаў і дзяржаўнага метралагічнага нагляду Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі (ісцец, кантралюючы орган) да прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «ЕўраСмокТрэйд» (прыватнае прадпрыемства «ЕўраСмокТрэйд», юрыдычная асоба, адказчык 1) і грамадзяніна С. (удзельнік, уласнік, адказчык 2) аб ліквідацыі юрыдычнай асобы.

Ісцец падаў іск аб ліквідацыі прыватнага прадпрыемства «ЕўраСмокТрэйд» на падставе неаднаразова ўстаноўленых фактаў грубых парушэнняў патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў і заканадаўства па выніках кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў дачыненні да яго і ў сувязі з непрыняццем належных і вычарпальных мер па недапушчэнні ў зварот небяспечнай кандытарскай прадукцыі.

Віцебскай абласной інспекцыяй Дзяржстандарту, якая ажыццяўляе кантроль за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза (ТР МС), Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭК), абавязковых для выканання патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў і патрабаванняў заканадаўства аб ацэнцы адпаведнасці ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.10.2009 № 510 «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», са снежня 2019 года па сакавік 2021 года неаднаразова праводзіліся кантрольныя (наглядныя) мерапрыемствы ў дачыненні да прыватнага прадпрыемства «ЕўраСмокТрэйд».

Падчас праведзеных наглядных мерапрыемстваў устаноўлена неадпаведнасць кандытарскіх вырабаў, пастаўляемых прыватным прадпрыемствам «ЕўраСмокТрэйд», патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза па бяспецы.

Адказчыкі пярэчылі ў задавальненні іскавых патрабаванняў.

Пры разглядзе справы эканамічны суд, прааналізаваўшы змест прававых норм, рэгламентуючых падставы ліквідацыі юрыдычных асоб, прыйшоў да высновы, што для прад’яўлення іску аб ліквідацыі прыватнага прадпрыемства «ЕўраСмокТрэйд», як і іншай юрыдычнай асобы, Віцебская абласная інспекцыя Дзяржстандарту павінна быць надзелена спецыяльнымі паўнамоцтвамі, г. зн. паўнамоцтвамі на прад’яўленне іску аб ліквідацыі пры ўмове здзяйснення юрыдычнай асобай неаднаразовых або грубых парушэнняў заканадаўчых актаў.

Палажэнне аб Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31.07.2006 № 981, якое вызначае кампетэнцыю органаў Дзяржстандарту, не ўтрымлівае спецыяльнай кампетэнцыі на прад’яўленне іскаў аб ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання.

Таксама ісцец не ўказаў заканадаўчыя акты і пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якімі дапушчаныя прыватным прадпрыемствам «ЕўраСмокТрэйд» парушэнні аднесены да грубых парушэнняў. Тэхнічныя рэгламенты Мытнага саюза, патрабаванні якіх парушаны адказчыкам 1, не адносяцца да заканадаўчых актаў і пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, пастановай Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 20.12.2018 № 10 «Аб некаторых пытаннях прымянення заканадаўства пры разглядзе судамі эканамічных спраў, звязаных з дзяржаўнай рэгістрацыяй і ліквідацыяй (спыненнем дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання» звернута ўвага эканамічных судоў на тое, што ліквідацыя ў судовым парадку з’яўляецца выключнай мерай уздзеяння за дапушчаныя парушэнні заканадаўства і згодна з пунктам 1 артыкула 57 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь цягне спыненне дзейнасці суб’екта гаспадарання без пераходу правоў і абавязкаў у парадку правапераемнасці да іншых асоб, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі.

Пры разглядзе іску аб ліквідацыі, заяўленага па падставе ажыццяўлення дзейнасці з неаднаразовымі або грубымі парушэннямі заканадаўчых актаў, эканамічным судам трэба ацэньваць характар дапушчаных парушэнняў, іх працягласць і наступствы, дзейнасць суб’екта гаспадарання пасля здзяйснення такіх парушэнняў, прынятыя меры для іх ліквідацыі і іншыя абставіны, што маюць значэнне для правільнага вырашэння спрэчкі.

Пры ацэнцы фактаў грубага парушэння заканадаўчых актаў эканамічным судам трэба ўлічваць негатыўныя наступствы, якія яны пацягнулі, у тым ліку прычыненне ўрону дзяржаўным і (або) маёмасным інтарэсам, грамадзянам і (або) юрыдычным асобам, а таксама іншыя абставіны.

У задавальненні іску аб ліквідацыі ў сувязі з ажыццяўленнем дзейнасці з неаднаразовымі або грубымі парушэннямі заканадаўчых актаў можа быць адмоўлена, калі эканамічны суд выявіць, што негатыўныя наступствы такіх парушэнняў ліквідаваны.

Прааналізаваўшы матэрыялы справы, эканамічны суд указаў, што парушэнні выяўлены ў нязначнай колькасці тавараў у адносінах да агульнага асартыментнага пераліку прапануемай да продажу адказчыкам харчовай прадукцыі (каля 4 % тавараў). Дапушчаныя парушэнні тлумачацца не наўмыснымі дзеяннямі работнікаў прыватнага прадпрыемства «ЕўраСмокТрэйд», а неасцярожнасцю, вялікай колькасцю і асартыментам рэалізуемых тавараў, адсутнасцю раней у штаце адпаведных спецыялістаў па маркіроўцы тавараў і іх праверцы на ўтрыманне шкодных для здароўя людзей рэчываў.

Таксама істцом не прадстаўлена доказаў, што дапушчаныя адказчыкам парушэнні пацягнулі негатыўныя наступствы ў канкрэтных выпадках.

Пры прыняцці рашэння суд улічыў, што прыватнае прадпрыемства «ЕўраСмокТрэйд» ужо працяглы час ажыццяўляе гаспадарчую дзейнасць (каля 5 гадоў), дынамічна развіваецца, павялічваючы аб’ёмы продажаў і сумы аплачаных у бюджэт падаткаў, забяспечвае стварэнне новых працоўных месцаў. Таксама ў матэрыялы справы прадстаўлены доказы прыняцця мер па недапушчэнні ў зварот небяспечнай кандытарскай прадукцыі: прыватным прадпрыемствам «ЕўраСмокТрэйд» з мэтай праверкі дакументаў, якія суправаджаюць прадукцыю, што ўвозіцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, пацвярджаюць якасць і бяспеку прадукцыі, а таксама з мэтай праверкі маркіроўкі на адпаведнасць патрабаванням ТР МС у штат прадпрыемства прыняты спецыяліст па сертыфікацыі. Па наяўнасці парушэнняў па бяспецы і маркіроўцы, выяўленых у таварных пазіцыях і набытых у пастаўшчыка прыватным прадпрыемствам «ЕўраСмокТрэйд» прынята рашэнне аб скасаванні кантракта з пастаўшчыком, аб чым апошняму накіравана адпаведнае паведамленне ў лютым 2021 года.

Даследаваўшы прадстаўленыя па справе доказы, эканамічны суд прыйшоў да высноў:

1) ісцец не валодае паўнамоцтвамі на прад’яўленне іску аб ліквідацыі адказчыка – прыватнага прадпрыемства «ЕўраСмокТрэйд» па заяўленых прававых падставах;

2) фактычна дапушчаныя прыватным прадпрыемствам «ЕўраСмокТрэйд» парушэнні заканадаўства (з улікам іх характару і прынятых адказчыкам мер для ліквідацыі іх негатыўных наступстваў і недапушчэння здзяйснення ў будучым) не могуць у дадзенай справе з’яўляцца дастатковай падставай для ліквідацыі юрыдычнай асобы як выключнай меры ўздзеяння за дапушчаныя парушэнні.

Пры такіх абставінах эканамічны суд адмовіў у задавальненні іску да прыватнага прадпрыемства «ЕўраСмокТрэйд» і грамадзяніна С.

Рашэнне эканамічнага суда Віцебскай вобласці не абскарджвалася і ўступіла 25 мая 2021 года ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі