Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Эканамічны суд Віцебскай вобласці прызнаў часткова несапраўдным рашэнне Наваполацкай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

2 снежня 2019  3163

9 кастрычніка 2019 года эканамічным судом Віцебскай вобласці разгледжана справа па заяве таварыства з абмежаванай адказнасцю «С» (далей – ТАА «С», заяўнік, прадпрыемства, прыродакарыстальнік) аб прызнанні несапраўдным рашэння Наваполацкай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (далей – інспекцыя, зацікаўленая асоба).

Як сведчаць матэрыялы справы, у жніўні 2018 года ДУ «Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя» выяўлена паступленне ў атмасфернае паветра ад дымагенератараў ТАА «С» двух забруджвальных рэчываў (кіслата воцатная і фармальдэгід), не прадугледжаных дзеючым дазволам на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, выдадзеным прадпрыемству ў жніўні 2017 года (далей – дазвол). Згодна з карэкціроўкай акта інвентарызацыі перавышэнне прыземных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў (далей – ЗР) у жылой зоне ў паўтара раза перавысіла гранічна дапушчальную канцэнтрацыю.

У працэсе правядзення карэкціроўкі вынікаў інвентарызацыі выкідаў, прадпрыемствам былі ўнесены змяненні ў частцы павелічэння тэхналагічнай нагрузкі, што пацягнула за сабой павелічэнне аб’ёмаў выкідаў у параўнанні з 2017 годам больш чым у 2 разы. Названыя акалічнасці паслужылі падставай для звароту ТАА «С» у інспекцыю з заявай аб унясенні змяненняў у дзеючы дазвол.

У рамках ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры інспекцыяй у лістападзе 2018 прынята рашэнне аб унясенні змяненняў у дазвол, вызначаны часовыя нарматывы дапушчальных выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра (далей – нарматывы) да 31.12.2018 і ўмовы іх ажыццяўлення з тэрмінам выканання мерапрыемстваў да 31.12.2018.

У сувязі з нязгодай з прынятым інспекцыяй рашэннем заяўнікам у маі і чэрвені 2019 накіраваны скаргі ў Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якія пакінуты без задавальнення. Пасля чаго ТАА «С» звярнулася ў эканамічны суд з заявай, згодна з якой прасіла рашэнне інспекцыі прызнаць несапраўдным у частцы:

1) вызначэння тэрмінаў дзеяння часовых нарматываў дапушчальных выкідаў да 31.12.2018;

2) устанаўлення ў якасці ўмоў ажыццяўлення выкідаў ЗР у атмасфернае паветра:

- абавязкі прадастаўлення ў інспекцыю звестак аб выніках аналітычнага і лабараторнага кантролю штогадова да 31 снежня;

- па забеспячэнні выканання запланаваных мерапрыемстваў па пераносе дымавой трубы ад дымагенератараў рыбнага цэха да будынка кацельні і аснашчэнне названага тэхналагічнага абсталявання ўстаноўкай дапальвальніка вяндлярнага дыму на крыніцы выкідаў № 002 рыбнага цэха да 31.12.2018;

- абавязкі прадастаўлення ў інспекцыю справаздачы аб выніках правядзення кантролю інструментальнымі метадамі крыніц выкідаў і кантролю якасці атмасфернага паветра ў зоне ўздзеяння ў перыяд неспрыяльных метэаралагічных умоў (НМУ) на працягу 10 дзён з даты адбору проб і правядзення выпрабаванняў;

3) скарачэння перыяду дзеяння дазволу з 10 гадоў да 5 гадоў і ўстанаўлення тэрміну яго заканчэння 02.09.2022.

Пры разглядзе справы эканамічны суд зыходзіў з наступнага.

Згодна з артыкулам 46 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права. Дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя.

З палажэнняў артыкула 19 Закона Рэспублікі Беларусь № 2-З ад 16.12.2008 «Аб ахове атмасфернага паветра» (далей – Закон) вынікае, што нарматывы ўстанаўліваюцца тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь у дазволах на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра. Пры гэтым абавязак па іх распрацоўцы ўскладзены на юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць гаспадарчую і іншую дзейнасць, звязаную з выкідамі забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра. Абгрунтаванасць нарматываў пацвярджаецца актам інвентарызацыі выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра. У выпадку, калі згодна з дадзеным актам выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра перавышаюць нарматывы, тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь у дазволе могуць устанаўлівацца часовыя нарматывы і ўмовы іх ажыццяўлення, да якіх адносяцца патрабаванні, названыя ў падпунктах 6.1-6.5 пункта 6 артыкула 19 Закона. Да ўмоў ажыццяўлення выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра адносяцца патрабаванні па забеспячэнні захавання або дасягнення ўстаноўленых нарматываў, тэхналагічных нарматываў і тэрмінаў іх дасягнення, вызначаных з улікам мерапрыемстваў дзяржаўных, галіновых або тэрытарыяльных праграм у галіне аховы атмасфернага паветра.

З названых норм вынікае, што па прычыне таго, што згодна з карэкціроўкай акта інвентарызацыі выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра перавышалі нарматывы, інспекцыя абгрунтавана вызначыла ў дазволе часовыя нарматывы і замацавала ў якасці адной з умоў іх ажыццяўлення абавязак прыродакарыстальніка па забеспячэнні выканання запланаваных мерапрыемстваў па пераносе дымавой трубы ад дымагенератараў рыбнага цэха да будынка кацельні і аснашчэнне названага тэхналагічнага абсталявання ўстаноўкай дапальвальніка вяндлярнага дыму на крыніцы выкідаў № 002 рыбнага цэха да 31.12.2018.

Вызначаючы тэрміны часовых нарматываў выкідаў да 31.12.2018, інспекцыя абгрунтавана зыходзіла з неабходнасці захавання гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь правоў грамадзян на ахову здароўя і на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, Агульных патрабаванняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя.

Акрамя таго, у выпадку неабходнасці змянення тэрміну дзеяння часовых нарматываў і тэрміну дзеяння ўмоў іх ажыццяўлення ў адпаведнасці з пунктам 23 Палажэння аб парадку выдачы дазволаў на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, унясення ў іх змяненняў і (або) дапаўненняў, прыпынення, узнаўлення, працягнення тэрміну дзеяння дазволаў на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, спынення іх дзеяння, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі № 664 ад 21.05.2009 (далей – Палажэнне № 664), прадпрыемства магло звярнуцца ў інспекцыю да моманту заканчэння названых тэрмінаў для ўнясення ў дазвол на выкіды змяненняў з прадастаўленнем абгрунтавання. Ва ўстаноўленым парадку ТАА «С» з такой заявай у інспекцыю не звярнулася.

Такім чынам, інспекцыя абгрунтавана ўстанавіла часовыя нарматывы выкідаў і патрабаванне па выкананні мерапрыемстваў па пераносе дымавой трубы і ўстаноўцы дапальвальніка вяндлярнага дыму на крыніцы выкідаў да 31.12.2018 як умову ажыццяўлення выкідаў. На падставе вышэйсказанага заява ТАА «С» у адпаведнай частцы патрабаванняў задавальненню не падлягала.

У астатняй частцы заяўленыя патрабаванні заяўніка суд прызнаў тымі, што падлягаюць задавальненню.

Устанаўленне інспекцыяй у дазволе ў якасці ўмоў ажыццяўлення выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра патрабаванняў аб прадастаўленні ў інспекцыю звестак аб выніках аналітычнага і лабараторнага кантролю штогадова да 31 снежня і аб прадастаўленні справаздачы аб выніках правядзення кантролю інструментальнымі метадамі крыніц выкідаў і кантролю якасці атмасфернага паветра ў зоне ўздзеяння ў перыяд неспрыяльных метэаралагічных умоў (НМУ) на працягу 10 дзён з даты адбору проб і правядзення выпрабаванняў з’яўляюцца неабгрунтаванымі, бо не прадугледжаны пунктам 6 артыкула 19 Закона.

Скарачэнне інспекцыяй тэрміну дзеяння выдадзенага заяўніку дазволу з 10 да 5 гадоў таксама з’яўляецца неабгрунтаваным, таму што супярэчыць частцы другой пункта 25 Палажэння № 664: у выпадку прыняцця органам выдачы дазволаў рашэння аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у дазвол на выкіды тэрмін яго дзеяння не змяняецца.

Пры такіх акалічнасцях эканамічны суд задаволіў заяву ТАА «С» часткова і прызнаў несапраўдным з моманту прыняцця рашэнне начальніка інспекцыі Наваполацкай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аб унясенні змяненняў у дазвол на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ў частцы ўстанаўлення ў якасці ўмоў ажыццяўлення выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра абавязкі прадастаўлення ў інспекцыю звестак аб выніках аналітычнага і лабараторнага кантролю штогадова да 31 снежня; абавязкі прадастаўлення ў інспекцыю справаздачы аб выніках правядзення кантролю інструментальнымі метадамі крыніц выкідаў і кантролю якасці атмасфернага паветра ў зоне ўздзеяння ў перыяд неспрыяльных метэаралагічных умоў (НМУ) на працягу 10 дзён з даты адбору проб і правядзення выпрабаванняў; скарачэння перыяду дзеяння дазволу з 10 гадоў да 5 гадоў і ўстанаўлення тэрміну заканчэння 02.09.2022. У астатняй частцы ў задавальненні патрабаванняў адмоўлена.

Акрамя таго, з Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на карысць ТАА «С» спагнана 255 руб. на пакрыццё выдаткаў па аплаце дзяржаўнай пошліны.

ТАА «С» не згадзілася з вынесеным рашэннем і звярнулася ў эканамічны суд з апеляцыйнай скаргай. На думку прадпрыемства, дзеючым заканадаўствам тэрытарыяльным органам Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прадастаўлена права ўстанаўліваць нарматывы (часовыя нарматывы) выкідаў, але не вызначаць самастойна тэрміны іх дзеяння. Вызначаныя інспекцыяй мерапрыемствы і тэрміны іх рэалізацыі беспадстаўныя, заведама невыканальныя для прыродакарыстальніка, таму што будаўніча-мантажныя работы па пераносе дымавой трубы да будынка кацельні тэхналагічна немагчымыя пры тэмпературным рэжыме і ўмовах надвор’я лістапада і снежня 2018 года.

Як патлумачылі ў судовым пасяджэнні прадстаўнікі зацікаўленай асобы, пры прыняцці рашэння ўлічана, што звесткі, прадстаўленыя ТАА «С», указвалі на павелічэнне выкідаў ЗР у атмасфернае паветра і перавышэнне ў 1,64 раза нарматываў якасці атмасфернага паветра ў жылой зоне (недалёка ад вытворчага аб’екта таварыства знаходзіцца рад жылых дамоў і дашкольная ўстанова «Яслі-сад № 23»). У складзе групы ЗР, якія выкідваюцца ТАА «С» і перавышаюць нарматывы якасці атмасфернага паветра ў жылой зоне, уваходзяць: фармальдэгід, азота дыяксід і фенол, якія ў адпаведнасці з пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 21.12.2010 № 174 адносяцца да другога класа небяспекі (рэчывы высоканебяспечныя). ТАА «С» у ходзе гаспадарчай дзейнасці планавала з 4 квартала 2018 года павялічыць у 2,2 разы забруджанне атмасфернага паветра, пры гэтым толькі з 2022 года – забяспечыць права грамадзян на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, прадугледжанае артыкулам 46 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Таксама пры прыняцці рашэння і вызначэнні тэрмінаў улічана наяўнасць калектыўных скаргаў грамадзян на нізкую якасць атмасфернага паветра ў жылой зоне, размешчанай побач з вытворчым аб’ектам таварыства.

Згодна з дадаткам 2 да Палажэння № 664, форма дазволу на выкіды прадугледжвае ўказанне тэрміну, на які ўстаноўлены часовыя нарматывы дапушчальных выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ад стацыянарных крыніц выкідаў.

Такім чынам, эканамічны суд апеляцыйнай інстанцыі прыйшоў да высновы, што падставы для прызнання рашэння Наваполацкай інспекцыі ў частцы, якая абскарджваецца, несапраўдным адсутнічаюць, судовая пастанова, якая абскарджваецца, адпавядае матэрыялам справы, дзеючаму заканадаўству, таму належыць пакіданню без змянення.

Рашэнне суда першай інстанцыі ад 9 кастрычніка 2019 года і пастанова апеляцыйнай інстанцыі ад 16 лістапада 2019 года могуць быць абскарджаны ў касацыйным парадку.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі