Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Дырэктар прадпрыемства захоўваў наяўныя грошы прадпрыемства ў сябе і зараз павінен аплаціць падаходны падатак

2 красавіка 2021  801

У эканамічны суд Гродзенскай вобласці з заявай аб прызнанні несапраўдным рашэння раённай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь звярнулася прыватнае прадпрыемства па вырабе і мантажы кухоннай і іншай мэблі «Р».

Заяўнік патрабаваў прызнаць несапраўдным рашэнне падатковай інспекцыі па акце праверкі ў частцы даналічэння падаходнага падатку ў суме 5395,90 рубля і пені па падаходным падатку ў суме 661,05 рубля.

Як вынікае з матэрыялаў справы, падчас падатковай праверкі было ўстаноўлена, што па дагаворах, заключаных паміж прадпрыемствам «Р» і фізічнымі асобамі на выраб і ўстаноўку мэблі, за перыяд часу красавік-снежань 2018 года, студзень-жнівень 2019 года дырэктар прадпрыемства прыняў наяўныя грашовыя сродкі ў суме 40 464,71 рубля. Дадзеная сума не была перададзена ў касу, таксама не адлюстроўвалася ў бухгалтарскім і падатковым уліку. Паколькі дырэктар фактычна распарадзіўся грашовымі сродкамі прадпрыемства, пакінуўшы іх сабе, падатковы орган зрабіў вывад, што дадзеныя грашовыя сродкі з’яўляюцца асабістым даходам дырэктара прадпрыемства, і даналічыў падаходны падатак у суме 5395,90 рубля і пеню ў суме 661,05 рубля.

Факт прыёму дырэктарам наяўных грашовых сродкаў ад фізічных асоб па адпаведных дагаворах, заключаных ад імя юрыдычнай асобы, у суме 40464,71 рубля заяўнікам не аспрэчваўся. Унясенне ў касу прадпрыемства наяўных грашовых сродкаў здзейснена ў снежні 2019 года, гэта значыць за межамі правяраемага перыяду.

Як патлумачыў заяўнік, грашовыя сродкі захоўваліся ў розных месцах: дома, у офісе, у аўтамабілі. Па якой прычыне не былі апрыходаваны ў касу (разліковы рахунак) арганізацыі, патлумачыць не змог.

Разам з тым, з допыту работнікаў фірмы вынікае, што на прадпрыемстве заключаліся дагаворы з рознымі прэфіксамі («Г4» і «Г3»), дзе дагаворы з кліентамі, па якіх аплата павінна была ажыццяўляцца на разліковы рахунак, абазначаліся абрэвіятурай «Г4», а дагаворы, па якіх кліенты плацілі наяўнымі грашовымі сродкамі, – «Г3». Бухгалтарскі ўлік дагавораў з прэфіксам «Г4» з указанняў дырэктара не ажыццяўляўся.

Суд прызнаў рашэнне падатковай інспекцыі законным і абгрунтаваным і адмовіў заяўніку ў задавальненні патрабавання.

Рашэнне абскарджвалася ў вышэйстаячыя інстанцыі і было пакінута ў сіле.

Даведачна:

Згодна з пунктам 2 Інструкцыі аб парадку вядзення касавых аперацый і парадку разлікаў наяўнымі грашовымі сродкамі ў беларускіх рублях на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацв. пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 29.03.2011 № 107 (дзейнічала да 01.06.2019), пад касай разумеецца памяшканне або месца прыёму, выдачы, захоўвання наяўных грошай, касавых дакументаў. Інструкцыя № 117 у дадзенай частцы раскрывае паняцце наяўных грашовых сродкаў як наяўных беларускіх рублёў і (або) наяўнай замежнай валюты.

Парадак захоўвання наяўных грашовых сродкаў быў замацаваны главой 3 Інструкцыі № 107, якой дадзены рэкамендацыі па захоўванні наяўных грашовых сродкаў у касах юрыдычных асоб. Так, усе наяўныя грошы юрыдычных асоб, падраздзяленняў, індывідуальных прадпрымальнікаў захоўваюцца ў металічных шафах або сейфах, якія па заканчэнні работы касы зачыняюцца ключом і апячатваюцца (пункт 63, дзейнічаў да 07.08.2018).

Згодна з пунктам 67 Інструкцыі аб парадках вядзення касавых аперацый і разлікаў наяўнымі грашовымі сродкамі, зацв. пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 19.03.2019 № 117, кіраўнікі юрыдычных асоб, падраздзяленняў, індывідуальныя прадпрымальнікі забяспечваюць захаванасць наяўных беларускіх рублёў і (або) наяўнай замежнай валюты ў касе, пры дастаўцы іх з банка (у банк) і прымаюць іншыя меры па выключэнні магчымасці несанкцыянаванага доступу ў касу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі