Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Эканамічным судом Брэсцкай вобласці задаволены патрабаванні вайсковай часці аб пакрыцці страты, прычыненай неабгрунтаваным прызывам грамадзяніна на тэрміновую ваенную службу

5 чэрвеня 2019  2388

Эканамічным судом Брэсцкай вобласці разгледжана справа па іскавай заяве вайсковай часці (далей – Ісцец) да Пружанскага раённага выканаўчага камітэта (далей – Адказчык) аб спагнанні 923,17 рублёў для пакрыцця страты, прычыненай неабгрунтаваным прызывам грамадзяніна Ч. на тэрміновую ваенную службу (трэцяя асоба, якая не заяўляла самастойных патрабаванняў на прадмет спрэчкі, на баку адказчыка – грамадзянка А.).

Згодна з іскавай заявай у суму страты, прычыненай дзяржаве неабгрунтаваным прызывам грамадзяніна Ч., Істцом уключана 355,30 руб. у пакрыццё расходаў на выплату рэчавага забеспячэння, 60,77 руб. грашовага забеспячэння, 483,92 руб. у пакрыццё кошту харчавання ваеннаслужачага, 5,59 руб. кошту лячэння, 5,27 руб. расходаў на баявую падрыхтоўку, а таксама 12,32 руб. расходаў на прадастаўленне воінскіх перавозачных дакументаў.

У абгрунтаванне заяўленых патрабаванняў Ісцец спаслаўся на абзац 8 артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 1992 года № 1914-ХII «Аб воінскім абавязку і воінскай службе» (далей – Закон аб воінскім абавязку і воінскай службе), указаўшы, што па факце датэрміновага звальнення ваеннаслужачага з тэрміновай ваеннай службы было ўстаноўлена наступнае.

Пры прызыве грамадзяніна Ч. падчас медыцынскага агляду ўрачом-неўролагам не былі захаваныя ўстаноўленыя методыкі агляду па даследаванні нервовай сістэмы ў парушэнне патрабаванняў п. 16 Методыкі медыцынскіх даследаванняў пры правядзенні медыцынскага агляду грамадзян пры прыпісцы да прызыўных участкаў, прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, ваенную службу афіцэраў запасу, ваенныя і спецыяльныя зборы, паступленні на ваенную службу па кантракце, ва ўстанову адукацыі «Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча» і ваенныя вучэбныя ўстановы, ваеннаслужачых, грамадзян, якія знаходзяцца ў запасе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ад 19 снежня 2011 № 10/2251 (далей – Методыка медыцынскіх даследаванняў).

У прыватнасці, урачом-неўролагам (трэцяя асоба, якая не заяўляе самастойных патрабаванняў на прадмет спрэчкі, на баку адказчыка) не была ацэнена сіла, тонус і трафіміка мышц, наяўнасць адзнак мышачнай атрафіі. Акрамя таго, як указаў Ісцец, не былі выкананы экспертныя падыходы ва ўстанаўленні клініка-функцыянальнага дыягназу і, адпаведна, у выніку няправільнага вызначэння катэгорыі годнасці да ваеннай службы па стане здароўя, грамадзянін Ч. быў неабгрунтавана прызваны на тэрміновую ваенную службу.

Адказчык і трэцяя асоба пярэчылі супраць задавальнення іску і довады іх зводзіліся да таго, што Ісцец не прадаставіў доказаў парушэння парадку правядзення медыцынскага агляду.

Вывучыўшы матэрыялы справы, даследаваўшы доказы па справе, заслухаўшы асоб, якія ўдзельнічалі ў справе, суд прыйшоў да вываду, што іскавыя патрабаванні належаць задавальненню зыходзячы з наступнага.

У адпаведнасці з арт. 933 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь шкода, прычыненая асобе ці маёмасці грамадзяніна, а таксама шкода, прычыненая маёмасці юрыдычнай асобы, належыць пакрыццю ў поўным аб’ёме асобай, якая прычыніла шкоду.

У сілу арт. 938 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь шкода, прычыненая грамадзяніну ці юрыдычнай асобе ў выніку незаконных дзеянняў (бяздзеяння) дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання або службовых асоб гэтых органаў, у тым ліку ў выніку выдання не адпаведнага заканадаўству акта дзяржаўнага органа ці органа мясцовага кіравання і самакіравання, належыць кампенсаванню.

У адпаведнасці з ч. 4 арт. 10 Закона аб воінскім абавязку і воінскай службе мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, якія стварылі прызыўныя камісіі, нясуць адказнасць за шкоду, прычыненую дзяржаве і грамадзянам прызывам на ваенную службу, службу ў рэзерве грамадзян, якія не падлягаюць прызыву на ваенную службу, службу ў рэзерве па стане здароўя і іншых падставах. Кампенсаванне шкоды выконваецца ў парадку, устаноўленым грамадзянскім заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Зыходзячы з палажэнняў арт. 31 Закона аб воінскім абавязку і воінскай службе ад прызыву на ваенную службу, службу ў рэзерве вызваляюцца грамадзяне, прызнаныя па стане здароўя непрыгоднымі да ваеннай службы з выключэннем з воінскага ўліку.

У пацвярджэнне неабгрунтаванага прызыву грамадзяніна Ч. на тэрміновую ваенную службу Істцом прадстаўлена карта вывучэння прычын неабгрунтаванага прызыву грамадзяніна на тэрміновую ваенную службу, акт даследавання прычын неабгрунтаванага прызыву грамадзяніна на тэрміновую ваенную службу па стане здароўя, складзены камісіяй, створанай згодна з загадам галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя «Пружанская цэнтральная раённая бальніца». Прычынамі неабгрунтаванага прызыву ўказаныя дакументы называюць незахаванне ўстаноўленых методык абследавання і складанасць дыягностыкі.

З улікам таго, што з прадстаўленых суду дакументаў вынікала, што дыягнаставанае захворванне магло быць выяўлена пры захаванні Методыкі медыцынскіх даследаванняў, але не было выяўлена, довады Адказчыка і трэцяй асобы аб адсутнасці доказаў парушэння парадку правядзення медыцынскага агляду суд прызнаў неабгрунтаванымі.

Пры гэтым суд палічыў, што адсутнасць доказаў устанаўлення адпаведнага дыягназу ўрачом медыцынскай роты пры залічэнні ў асабовы склад вайсковай часці, прызнанне прызыўніка годным да праходжання тэрміновай ваеннай службы абласной прызыўной камісіяй не абверглі прадстаўленыя доказы неабгрунтаванасці прызыву.

Рашэннем эканамічнага суда Брэсцкай вобласці з Пружанскага раённага выканаўчага камітэта на карысць вайсковай часці ў пакрыццё шкоды, прычыненай неабгрунтаваным прызывам грамадзяніна на тэрміновую ваенную службу спагнана 923,17 рублёў, а таксама 637,50 рублёў у пакрыццё расходаў па аплаце дзяржаўнай пошліны.

Судовая пастанова не абскарджвалася, уступіла ў законную сілу 3 чэрвеня 2019 года.

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык