Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Эканамічны суд Брэсцкай вобласці прызнаў несапраўдным рашэнне падатковай інспекцыі аб даналічэнні падатку на нерухомасць

28 ліпеня 2021  576

Эканамічным судом Брэсцкай вобласці разгледжана справа па заяве таварыства з абмежаванай адказнасцю Т. (далей – заяўнік) аб прызнанні несапраўдным рашэння інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Маскоўскім раёне горада Брэста (далей – зацікаўленая асоба), прынятага ў красавіку 2021 года.

Інспекцыяй МПЗ па Маскоўскім раёне горада Брэста праведзена выбарачная праверка ТАА Т., па выніках якой службовай асобай інспекцыі ў красавіку 2021 года прынята рашэнне аб спагнанні з таварыства 48 564,48 рубля падатку на нерухомасць і пені.

Указваючы на тое, што гэта рашэнне з’яўляецца незаконным і парушае правы і законныя інтарэсы ТАА Т., таварыства звярнулася ў суд.

Вывучыўшы матэрыялы справы, даўшы ацэнку довадам асоб, што ўдзельнічаюць у справе, суд прыйшоў да вываду, што патрабаванні заяўніка падлягаюць задавальненню.

Рашэнне падатковай інспекцыі грунтуецца на тым, што правяраемы суб’ект парушыў палажэнні артыкулаў 22, 229, 233 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, што выявілася ў заніжэнні астаткавага кошту капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), іх частак, што падлягаюць падаткаабкладанню за 1–3 кварталы 2020 года.

Гэтыя вывады інспекцыя абгрунтоўвала тым, што таварыствам была зроблена пераацэнка нерухомай маёмасці па стане на 31 снежня 2019 года, і адпаведны кошт асноўных сродкаў павінен з’яўляцца базай для злічэння падатку на нерухомасць. Аднак ТАА Т. неабгрунтавана не ўлічыла вынікі названай пераацэнкі.

Суд устанавіў, што ў дадзеным выпадку адсутнічалі падставы для правядзення з боку ТАА Т. абавязковай пераацэнкі асноўных сродкаў, а ва ўстаноўленым парадку рашэнне аб правядзенні добраахвотнай пераацэнкі не было прынята.

Матэрыяламі справы пацвярджаецца, што загад аб правядзенні пераацэнкі асноўных сродкаў ТАА Т. быў выдадзены дырэктарам таварыства, які, як указалі ўдзельнікі таварыства, меў карыслівыя мэты, звязаныя з яго выхадам з складу ўдзельнікаў ТАА Т.

У сілу палажэнняў Статута ТАА Т. вышэйшым органам кіравання таварыства з’яўляецца агульны сход удзельнікаў таварыства, які правамоцны прымаць рашэнні па любых пытаннях дзейнасці таварыства.

Як толькі ўдзельнікі таварыства даведаліся аб дзеяннях дырэктара, былі прыняты ўсе магчымыя і неабходныя меры рэагавання, правамернасць якіх пацверджана падчас судовых разбораў. У прыватнасці, агульны сход удзельнікаў ТАА Т. у сакавіку 2020 года прыняў рашэнне не выкарыстоўваць у гаспадарчай дзейнасці таварыства (не выконваць) загад ад снежня 2019 года, пасля чаго была пададзена ўдакладненая дэкларацыя па падатку на нерухомасць без пераацэнкі кошту асноўных сродкаў.

Суд прызнаў правамернай пазіцыю заяўніка аб тым, што факт і абставіны правядзення пераацэнкі, нават пры наяўнасці загада аб яе правядзенні, павінны пацвярджацца адпаведнымі дакументамі.

У дадзеным выпадку ў парушэнне палажэнняў заканадаўства пераацэнка маёмасці створанай у арганізацыі камісіяй не праводзілася, ведамасць пераацэнкі не складалася.

Суд прыняў пад увагу, што меры, накіраваныя супраць аднаасобных дзеянняў дырэктара таварыства з боку ТАА Т. былі прыняты ў максімальна кароткі тэрмін.

Пры такіх абставінах суд не знайшоў дастатковых пацвярджэнняў довадам падатковага органа аб тым, што ТАА Т. зрабіла добраахвотную пераацэнку сваіх асноўных сродкаў, але не ўлічыла гэта пры вызначэнні велічыні належнага да аплаты падатку на нерухомасць.

Рашэннем суда прызнана несапраўдным поўнасцю з моманту прыняцця рашэнне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Маскоўскім раёне горада Брэста аб спагнанні з ТАА Т. 48 564,48 рубля, у тым ліку 45 515,65 рубля падатку на нерухомасць і 3048,83 рубля пені.

Судовая пастанова не абскарджвалася, уступіла ў законную сілу.

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі