Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Папярэджанне як альтэрнатыва адміністрацыйнаму спагнанню ў судовай практыцы

10 чэрвеня 2021  1621

Са змяненнямі ў адміністрацыйнае і працэсуальнае заканадаўства, што ўступілі ў сілу 1 сакавіка 2021 года, суды могуць прымяняць да асоб, якія здзейснілі адміністрацыйнае правапарушэнне, у якасці прафілактычнай меры ўздзеяння  – папярэджанне.

Папярэджанне згодна з артыкулам 6.2 КаАП не з’яўляецца адміністрацыйным спагнаннем.

Папярэджанне заключаецца ў пісьмовай перасцярозе асобы, што здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне, аб недапушчальнасці з боку названай асобы проціпраўных паводзін і прававых наступствах паўторнага здзяйснення дадзенага адміністрацыйнага правапарушэння.

За тры месяцы бягучага года ў адпаведнасці з новымі палажэннямі КаАП і ПВКаАП эканамічным судом Брэсцкай вобласці спынена 16 спраў па малазначнасці здзейсненых правапарушэнняў з вынясеннем папярэджання асобам, якія здзейснілі проціпраўныя дзеянні ў сферы прадпрымальніцкай дзейнасці.

Практычна ўсе правапарушэнні (13 з 16) былі дапушчаны ў галіне грамадскага харчавання службовымі асобамі, адказнымі за выкананне правіл гандлю і аказанне паслуг насельніцтву.

Проціпраўныя дзеянні службовых асоб былі выяўлены падчас праверак, што ажыццяўляліся супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці.

У рознічных магазінах у парушэнне прадугледжаных заканадаўствам правіл гандлю і аказання паслуг насельніцтву былі выяўлены такія парушэнні, як адсутнасць тавараў, прадугледжаных асартыментным пералікам, інфармацыі аб цане на некаторыя тавары, а таксама адпаведнага вымяральнага абсталявання з інфармацыяй аб магчымасці яго выкарыстання пакупнікамі самастойна (кантрольныя вагі, іншыя сродкі вымярэння фізічных велічынь).

Акрамя таго, пры правядзенні праверак было ўстаноўлена, што да рэалізацыі прапаноўвалася прадукцыя з указаннем масы, якая не адпавядала рэчаіснасці, на тавары, расфасаваным і ўпакаваным у магазіне ў спажывецкую тару, не ўказвалася інфармацыя аб фасоўшчыку і ўпакоўшчыку, выяўлена невыкананне ўстаноўленых вытворцамі ўмоў захоўвання мясных і рыбных кансерваў, а таксама іншыя парушэнні.

Прымаючы пад увагу, што падыходы заканадаўцы змяніліся, суд палічыў магчымым вызваліць службовых асоб, адказных за выяўленыя парушэнні, ад адміністрацыйнай адказнасці і прымяніць у якасці меры прафілактычнага ўздзеяння – папярэджанне.

Пры гэтым суд кіраваўся тым, што адміністрацыйнае правапарушэнне, прадугледжанае часткай 1 артыкула 12.17 КаАП (рэд. 2003 года) адносіцца да катэгорыі адміністрацыйных правіннасцей.

Адпаведна ў сілу палажэнняў артыкула 8.3 КаАП асоба, якая здзейсніла адміністрацыйную правіннасць, вызваляецца ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем ёй папярэджання пры адначасовым выкананні наступных умоў:

1) яна прызнала факт здзяйснення ёй правапарушэння і выказала згоду на вызваленне ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання;

2) на працягу аднаго года да здзяйснення адміністрацыйнай правіннасці на асобу не накладалася адміністрацыйнае спагнанне і асоба не вызвалялася ад адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з артыкулам 8.3 КаАП або часткай 1 артыкула 9.3 КаАП за такое ж парушэнне.

У разгледжаных справах эканамічны суд, устанавіўшы, што прадугледжаныя законам умовы для вызвалення службовых асоб ад адміністрацыйнай адказнасці выкананы, вынес папярэджанне, у сувязі з чым на падставе палажэнняў ПВКаАП Рэспублікі Беларусь справы аб адміністрацыйных правапарушэннях спыніў.

Судовыя пастановы ўступілі ў законную сілу. 

У чарговым выпуску

Маніторынг масавай інфармацыі