Вярхоўны Суд
Рэспублікі Беларусь

Iнтэрнэт-партал судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь

+375 (17) 308-25-01

+375 (17) 215-06-00

220020, г. Мiнск, вул. Арлоўская, 76

Расклад пасяджэнняў

Дом правасуддзя адкрылі ў Брэсце (рэпартаж БелТА)

7 чэрвеня 2019  2628

У Брэсце сёння ўрачыста адкрылі Дом правасуддзя. Чатырохпавярховы будынак пабудаваны на праспекце Машэрава недалёка ад галоўнага ўваходу ў Брэсцкую крэпасць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Будаваўся аб’ект па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме і ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да святкавання 1000-годдзя горада.

Наваселле тут адзначылі адразу чатыры суды – абласны і тры раённыя, што з’яўляецца ўнікальным для рэспублікі. Агульная плошча будынка перавышае 15 тыс. кв. м, у Беларусі большы толькі Вярхоўны суд.

Агульны аб’ём інвестыцый склаў каля $15 млн у эквіваленце.

Старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала, які прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця, назваў брэсцкі Дом правасуддзя адным з лепшых не толькі ў рэспубліцы, але і ў краінах постсавецкай прасторы. "Тут усё адпавядае міжнародным стандартам. Хочацца, каб у такім будынку трыумфавалі толькі закон, справядлівасць і міласэрнасць. Каб гэта было не толькі месца, дзе караюць вінаватых, але і аднаўляюць справядлівасць, абараняюць правы пацярпелых. Каб гэты будынак быў сапраўдным прававым цэнтрам Брэсцкай вобласці, тут аказвалася прававая дапамога, прававыя кансультацыі, людзі атрымлівалі прававую адукацыю", - сказаў Валянцін Сукала.

Намеснік Старшыні Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Міцкевіч адзначыў, што Дом правасуддзя стаў сапраўдным упрыгожаннем горада. "Кіраўнік дзяржавы надае вялікую ўвагу як гарантыям незалежнасці судовай сістэмы, так і стварэнню належных умоў для ажыццяўлення правасуддзя. Тут створаны вельмі добрыя ўмовы для суддзяў, а самае галоўнае – для людзей, якія будуць прыходзіць сюды за абаронай сваіх правоў і законных інтарэсаў", – падкрэсліў ён. 

З наваселлем супрацоўнікаў чатырох судоў павіншаваў таксама старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс. Пасля таго, як была перарэзаная сімвалічная чырвоная стужка, госці змаглі азнаёміцца з новабудоўляй. Будынак абсталяваны ліфтамі, элементамі безбар’ернага асяроддзя, у ім ёсць рабочыя памяшканні для суддзяў, 23 залы судовых пасяджэнняў, у якіх адначасова могуць размясціцца 700 чалавек. Усе судовыя пасяджэнні будуць суправаджацца аўдыя- і відэазапісам.

"Сучасныя інфармацыйна-тэхнічныя магчымасці дазваляюць нам разглядаць справы ў рэжыме відэаканферэнцсувязі, без выкліку людзей, дастаўкі абвінавачаных, якія знаходзяцца пад вартай. Усе доказы будуць вывучацца ў рэжыме відэасувязі ў залах судовых пасяджэнняў. Гэта абсалютна іншы ўзровень культуры судовага пасяджэння, культуры працэсу", – падзяліўся з журналістамі Старшыня Вярхоўнага Суда.

Па аб’ёме нагрузкі суддзі Брэсцкай вобласці знаходзяцца на другім месцы пасля сталічных калег. Як паведаміла старшыня абласнога суда Тамара Сучок, у месяц на аднаго суддзю прыпадае больш за 85 спраў і матэрыялаў. "З улікам колькасці спраў, якія разглядаюцца  ў абласным і трох раённых судах, гэты будынак будуць штодня наведваць 400–500 чалавек. Напачатку нашы работнікі будуць дапамагаць людзям зарыентавацца. Для зручнасці наведвальнікаў мы таксама размесцім паказальнікі", – сказала старшыня абласнога суда.

Крыніца: БелТА

Фота Вадзіма Якубёнка

У чарговым выпуску

Маніторынг СМІ

Google перакладчык